НЕ ДЗЕЛЯ СЛАВЫ
Гісторыю аб Бяляеве Іване Іванавічы даслала Людміла Якімава.
Нарадзіўся Іван Бяляеў у 1919 годзе ў вёсцы Антонаўка на Касцюкоўшчыне. Там ён рос і вучыўся ў школе. Затым была тэрміновая служба ў радах Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
Вялікую Айчынную вайну дваццацідвухгадовы юнак сустрэў у званні афіцэра 24-й кавалерыйскай дывізіі. Праз нейкі час I. I. Бяляеў стаў капітанам гвардыі. Яму даверылі камандаваць стралковым батальёнам. Гэта падраздзяленне заўсёды знаходзілася на пярэднім краі франтавой паласы ў наступленні і ў абароне, у час разведкі боем і пры прарыве моцнага варожага ўмацавання.
Байцы батальёна на чале з камандзірам першымі падымаліся ў атаку, штурмавалі варожыя дзоты, прарывалі абарону праціўніка, захоплівалі вышыні, фарсіравалі водныя перашкоды.
Праз усю вайну пранёс у сэрцы Іван Іванавіч вернасць воінскай прысязе, мужна абараняў Радзіму ў шматлікіх баях. Ён удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Іван прайшоў сотні кіламетраў па бездарожжу вайны. Ён прымаў актыўны ўдзел у разгроме групоўкі праціўніка, што знаходзілася ў Берліне.
I.I. Бяляеў не шкадаваў сіл, змагаючыся з гітлераўцамі. Яму пашчасціла дажыць да канца вайны і сустрэць Дзень Вялікай Перамогі.
За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі, наш зямляк гвардыі капітан I. I. Бяляеў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне».
Пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі Іван Бяляеў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працаваў інструктарам Магілёўскага абласнога савета таварыства аховы прыроды.