Салаўёва Праскаўя Ігнацьеўна

Пра сваю бабулю распавёў Лунькоў Глеб Аляксеевіч, ДУА «Сярэдняя школа № 45 г.Магілёва».

Сёння для мяне, як і для ўсіх маіх равеснікаў, слова «вайна» часта асацыіруецца толькі з камп’ютарнымі ці дзіцячымі гульнямі. Пра страшныя ваенныя гады нам нагадваюць мастацкія кнігі і фільмы, расказы апошніх сведак Вялікай Айчыннай вайны, якіх з гадамі становіцца ўсё меней і меней. Чытаючы кнігі, гледзячы фільмы і слухаючы людзей, цяжка ўявіць сабе, што перажылі на самой справе людзі. Нават міжвольна ўспамінаюцца фільмы жахаў. Але ж гэтыя фільмы – выдумка!

Мы настолькі прывыклі да спакойнага жыцця (а іншага мы і не бачылі!), што нават не можам да канца зразумець, што некалі было не так. Аднак кожны раз, калі я чую расказы жывых людзей пра вайну, мне становіцца не па сабе. А зусім нядаўна я на зімніх канікулах гасцяваў у бабулі. І вось у адзін з вечароў пачуў цікавую гісторыю ад бабулі пра яе бацькоў, а значыць, пра маіх прадзеда і прабабулю. Тады мне здалося, што такая гісторыя можа быць толькі ў кніжцы.

Пачну па парадку.

Мая прабабуля, Салаўёва Праскоўя Ігнацьеўна, з самага пачатку вайны засталася адна з трыма малымі дзецьмі – сямі, пяці і трох год. Мужа забралі на фронт з першых дзён вайны. Як выжывала і выжыла з трыма малымі? — на гэта пытанне не магла адказаць і мая бабуля, бо немагчыма сабе ўявіць усё тое, што давялося перацярпець яе маці. Голад, холад, страх смерці – не за сябе баялася прабабуля, а за дзяцей, якім без яе, калі што, не выжыць. У памяці маёй бабулі слёзы маці, калі яна расказвала, як вялі на растрэл разам з іншымі аднавяскоўцамі і як выпадкова ўцякла, схаваўшыся ў бульбоўніку… Як, зайшоўшы да суседкі, тайком пачула, што паліцай выхваляўся, як забіў ужо некалькі жанчын і збіраецца да яе… Тры дні тады не заходзіла ў дом разам з дзецьмі, хаваючыся ў лесе і па суседзях…

З лета 1942 года прабабуля перастала атрымліваць лісты з фронту ад мужа. На запыты адказаў не атрымлівала.

Як выжыла, калі адступалі немцы і палілі ўсё на сваім шляху, стралялі ў кожнага, хто трапляўся на вока? Як амаль бегам разам з іншымі перадолела шлях у некалькі кіламетраў з малой дачушкай за плячамі ад г. Касцюковічы да в. Печанеж? А потым, упаўшы на зямлю, не магла амаль паўдня скрануцца з месца – ногі не слухаліся…І думкі толькі пра дзяцей… Гэта быў верасень 1943 года.

Праз некалькі дзён пасля вызвалення Касцюковіч у горад увайшлі часці Савецкай Арміі. Байцоў размясцілі па хатах мірных жыхароў. У дом прабабулі трапіў украінец Байдужэн Антон Сцяпанавіч. На сцяне ў рамцы пад шклом убачыў ён фатаграфію маладога байца. Пацікавіўся Антон Сцяпанавіч, кім прыходзіцца гаспадыні дома баец з фатаграфіі. Прабабуля расказала пра мужа, пра тое, што даўно не было лістоў, і з агеньчыкам у вачах спытала, ці не сустракаў дзе пастаялец яе мужа. Адказ быў адмоўным. Цікава, што рабілася ў душы салдата, калі ён схлусіў гэтай жанчыне, убачыўшы траіх малалетніх дзяцей, якія на той момант ужо былі бязбацькавічамі? Усё гэта баец Байдужэн павёз з сабой далей у вайну.

Да канца вайны прабабуля так і не даведалася нічога пра мужа.

А пасля Перамогі прабабуля атрымала ліст ад таго выпадковага ваеннага пастаяльца, у якім была раскрыта таямніца тых жудасных ваенных дзён, якую цяпер можна было ўжо адкрыць.

Тады, убачыўшы ў хаце сваёй гаспадыні фатаграфію, Антон Сцяпанавіч не мог сказаць жанчыне, што муж яе загінуў у яго на вачах і што чакаць яго няма сэнсу.

А было гэта так. Салаўёў Міхаіл і Байдужэн Антон, беларус і ўкраінец, служылі ў адной часці. Не раз дапамагалі адзін аднаму два байцы. Вось і ў той бой пад мястэчкам Багадухава ў 1942 годзе, калі б не адмовіўся Міхаіл ад парады Антона, мог бы жыць побач са сваімі дзецьмі доўгія гады. Але лёс ёсць лёс. Паветраны бой. Салдаты разбягаюцца ў розныя бакі. Антон паклікаў Міхаіла бегчы з ім, але той махнуў рукой на сад… Азірнуўшыся, Антон убачыў, як след Міхаіла зацягнула смуга ад выбуху бомбы, менавіта там, у садзе. Пасля бою недалічыліся байцы многіх сваіх сяброў, у тым ліку і байца Салаўёва Міхаіла.

Ведаў пра гэта Антон Сцяпанавіч, стоячы тады перад фатаграфіяй, але не хацеў пазбаўляць надзеі незнаёмую яму жанчыну.

А яшчэ ў тым пасляваенным лісце была гісторыя жыцця Байдужэна Антона Сцяпанавіча. Усю вайну ён нічога не ведаў пра лёс сваёй сям’і — маці, сястры, жонкі, траіх дзяцей. Даходзілі чуткі, што жыхары ўкраінскай вёсачкі эвакуіраваліся, але куды і як… Вярнуўшыся з фронту, Антон убачыў толькі пажарышча: сям’і не стала яшчэ ў першыя месяцы вайны. Па ўспамінах суседзяў, падчас эвакуацыі бомба трапіла менавіта ў той вагон, дзе была ўся сям’я Байдужэных.

Застаўшыся адзін, Антон Сцяпанавіч (а гэта ўжо мой прадзядуля) успомніў пра жонку свайго сябра і даслаў ліст Праскоўі, прапанаваў дапамагчы вырасціць яе дзяцей. Доўга прабабуля яшчэ спрабавала высветліць, што сталася з мужам, пакуль не атрымала звесткі аб гібелі Міхаіла ў далёкім 1942-ім годзе. Так і сталі жыць разам мае прабабуля і прадзядуля, які таксама яшчэ доўгі час пасля вайны спрабаваў знайсці звесткі пра смерць сям’і.

Амаль сорак гадоў прайшлі разам рука аб руку мае прабабуля з прадзядулем. Выгадаваў прадзядуля і прабабуліных дзяцей, і сваіх траіх, не праводзячы паміж імі ніякіх адрозненняў.

Пра Байдужэных Антона і Праскоўю і сёння яшчэ памятаюць дзеці тых, каму яны не раз дапамаглі ў галодныя пасляваенныя часы, дапамагалі і да канца свайго сумленнага, апаленага вайной, жыцця.

Поделиться ссылкой: